УЛЬТРАГУКАВА́Я ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

выяўленне дэфектаў розных метал. і неметал. матэрыялаў з дапамогай ультрагуку, разнавіднасць акустычнай дэфектаскапіі. Засн. на здольнасці ультрагукавых ваганняў пашырацца ў цвёрдых асяроддзях на вял. глыбіню без прыкметнага аслаблення і адбівацца ад мяжы падзелу двух асяроддзяў. Выкарыстоўваецца пры неразбуральным кантролі розных дэталей і механізмаў. Дае магчымасць выяўляць трэшчыны, ракавіны, расслаенні, месцы карозіі і інш. дэфекты, кантраляваць якасць зварных швоў, вымяраць таўшчыню вырабаў, пакрыццяў і інш. Прапанавана ў 1928 (рас. вучоны С.​Я.​Сакалоў).

Найб. пашыраны ультрагукавы рэхаметад: рэгістрацыя амплітуды і часу паступлення адбітых ад дэфекту рэхасігналаў на экране манітора. Існуюць таксама ценявы метад (заснаваны на аслабленні дэфектамі інтэнсіўнасці пругкіх ваганняў), рэзанансны (на ўзбуджэнні ў вырабе пругкіх ваганняў і вызначэнні частаты, на якой узнікае рэзананс) і інш. Для У.т. выкарыстоўваюць ультрагукавыя дэфектаскопы, якія складаюцца з генератара эл. імпульсаў, п’езаэлектрычнага пераўтваральніка, узмацняльніка эл. ваганняў і індыкатара.

На Беларусі навук. даследаванні па У.д. (ультрагукавы метад з выкарыстаннем магн. вадкасці і інш.) вядуцца ў Ін-це прыкладной фізікі і Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі і інш.

Літ.:

Ермолов И.Н. Теория и практика ультразвукового контроля. М., 1981.

П.​П.​Прахарэнка.

Ультрагукавая дэфектаскапія. Блок-схема ультрагукавога імпульснага рэха-дэфектаскопа: 1 — п’езаэлектрычны пераўтваральнік; 2 — прыёмна-ўзмацняльны вузел; 3 — генератар электрычных імпульсаў; 4 — сінхранізатар; 5 — генератар разгорткі; 6 — электроннапрамянёвая трубка; П — пачатковы сігнал; Д — донны рэха-сігнал; ДФ — рэха-сігнал ад дэфекту.

т. 16, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)